КЛЯНО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, кляноўнікі,

фармацыя вытворных шыракалістых лясоў, у якіх пераважае клён. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. На Беларусі трапляюцца рэдка (каля 0,01% агульнай пл. лясоў).

К.л. ўтвараюцца ў выніку змены карэнных дубовых і ялова-шыракалістых лясоў. Вылучаны 6 асн. тыпаў: арляковы, кіслічны, крапіўны, папарацевы, сніткавы, чарнічны. Дрэвастоі ўсіх тыпаў складаныя, акрамя клёну ўключаюць асіну, бярозу павіслую, вольху чорную, вяз, граб, дуб, елку, ліпу, ясень. Займаюць найб. урадлівыя землі. Даюць высакаякасную драўніну, якая выкарыстоўваецца на выраб мэблі, паркету і інш.

т. 8, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)